Christian Dior пераходзіць на котак

Персанаж японскай мульт-культуры, котка Hello Kitty упершыню ў гісторыі стане тварам легендарнага дома моды Christian Dior. Менавіта гэтая культавая жывёла прадставіць мадэлі восеньскага і зімовага сезонаў. Культавы персанаж з'явіцца ў туалетах Christian Dior на старонках чэрвеньскага нумара японскай версіі часопіса Vogue, які паступіць у продаж ужо напрыканцы красавіка.

Як паведамілі ў рэдакцыі часопіса, Hello Kitty будзе пазіраваць са знакамітым Джонам Гальяна - галоўным куцюр'е Christian Dior. У часопісе збіраюцца змясціць і здымкі, на якіх мадэль у гарнітуры коткі робіць пакупкі ў лепшых буціках Парыжа.

Гандлёвая марка Hello Kitty была зарэгістравана ў Японіі ў 1976 годзе і стала сусветна вядомым брэндам, адным са знакаў сучаснай поп-культуры.

Гэта выява выкарыстоўваецца ў мультфільмах, як элемент дызайну вопраткі і аксесуараў, тыражуецца ў незлічоных сувенірах. У туалетах з малюнкам Hello Kitty былі заўважаныя, у прыватнасці, такія зоркі як Брытні Спірс, Камеран Дзіас і Пэрыс Хілтан.

Фота: www.blogrider.ru