Ці паспеюць адрамантаваць Ліду да "Дажынак"?
Карэспандэнт Еўрарадыё наведаў Ліду, каб паглядзець, як горад рыхтуецца да свята ўраджаю.
Першае уражанне ад горада — як ад вялікай будаўнічай пляцоўкі. Людзі кажуць, што Ліду перакапалі, як пасля вайны. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што было яшчэ горш. Але і зараз аб'ём працы вельмі вялікі і ў многіх узнікаюць сумневы, што рамонт паспеюць завершыць да сярэдзіны верасня, калі плануюцца "Дажынкі-2010".
Кажа мясцовая жыхарка: "Месяц застаўся: трэба, каб справіліся. Але не ведаю, вельмі вялікі аб'ём працы, вельмі шмат. Можа, нават і не паспеюць, таму што ўмовы цяжкія. Калі спёка такая, людзям цяжка працаваць, бо тэхніка ж тэхнікай, а гэта — жывыя людзі. Машын шмат працуе. Адзінае, што мне не спадабалася, — я калі ішла там за паліклінікай, там ёсць дом. Яны робяць яму новы фасад, але вокны старыя-старыя; калі яны іх не заменяць, то будзе не вельмі добра выглядаць".
На думку лідскага кіроўцы маршруткі, вельмі позна вызначыліся з месцам правядзення сёлетніх "Дажынак".
"Першым недахопам лічу, што вельмі позна было вынесена рашэнне, што “Дажынкі” будуць праводзіцца тут. Ну, хто ў нас вырашае — гэта і так ясна. Я сам будаваў дом свой, таму лічу, што няправільна ў такія тэрміны будаваць, парушаючы любыя тэхналогіі".
У горадзе цяпер хуткімі тэмпамі кладуць плітку, рамантуюць фасады дамоў, пракладаюць дарогі, праводзяць рэканструкцыю Лідскага замка. Таксама да "Дажынак" плануюць адкрыць стадыён з тэніснымі кортамі, кінатэатр 3D і вядома ж, Лядовы палац.
На ўсё гэта выдаткавалі 350 мільярдаў рублёў, з якіх 239 мільярдаў — бюджэтныя грошы, а 111 — сродкі прадпрыемстваў. На думку мясцовых жыхароў, выдаткі могуць быць яшчэ большымі, бо ўсё робіцца вельмі хутка, і потым нешта давядзецца пераробліваць.
Кажа мясцовы жыхар: "У мяне негатыўнае стаўленне да гэтай прыгажосці ў цэнтры. У мяне на ўскрайку дом залівае пастаянна, я некалькі год хаджу прашу, каб нейкую каналізацыю пабудавалі. Я 20 год жыву ў гэтым брудзе, і ніхто нічога не робіць. Гэта ж пабудуюць да "Дажынак" усё абы як, а потым абавязкова гэта будзе ўсё перароблівацца. І яшчэ раз трэба будзе заплаціць за гэты рамонт, а туды, дзе я жыву, грошы так і не пойдуць".
Працуюць у Лідзе больш за тры тысячы будаўнікоў з усёй Беларусі. Некаторыя з іх не атрымалі абяцаных грошай, кажа хлопец, які працуе на рэканструкцыі замка.
"Падманваюць, у асноўным. Мінскія прыехалі, абяцалі 3 мільёны 900 тысяч, а потым атрымалі паўтара. Я не ведаю, толькі першы месяц працую — можа, мільён атрымаю, як падсобнік".
Увогуле ж лідчане пазітыўна ставяцца да пераменаў у горадзе, які становіцца прыгажэйшым. Але ўсе стаміліся ад бясконцага рамонту, з-за якога шмат нязручнасцяў. А таксама перажываюць, што тое, што дабудаваць не паспеюць, пасля "Дажынак" увогуле закінуць.
Слухайце меркаванні мясцовых жыхароў:
Відаць, жыхары кватэры на другім паверсе не захацелі збіваць плітку
У цэнтры горада на вялікім экране транслююць падрыхтоўку да "Дажынак"
Тэхніка ў цэнтры горада
Прыпынак ля вакзалу. Рамонт стварае перашкоды для пасажыраў
Фота аўтара.