Ці пазбавілі Белавежскую пушчу дыплома Савета Еўропы?
Як стала вядома Еўрарадыё, Савет Еўропы фармальна не забіраў дыплом у Белавежскай пушчы. Рашэнне па гэтым пытанні адкладзенае на няпэўны перыяд, аднак тэрмін дзеяння дыплома ўжо скончыўся. Нядаўна з’явілася інфармацыя, што Белавежскай пушчы не працягнулі дзеянне дыплома Савета Еўропы. Нібыта з пачатку кастрычніка без яго засталіся і беларускі, і польскі нацыянальныя паркі.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці сапраўды Беларусь пазбавілі прэстыжнага дыплома. Прэс-сакратар Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Алена Пенязь катэгарычна абвергла гэту інфармацыю.
“Не, не забралі ў нас гэты дыплом Белавежскай пушчы, таму што само пытанне аб ануляванні дыплома не было разгледжана на мінулым паседжанні Савета Еўропы. Разгляд пытання быў перанесены на няпэўны час”.
Якія выгады дае дыплом Беларусі? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да начальніка запаветнай справы Мінпрыроды Віталя Каранчука.
“Гэта статус Беларусі. Гэта паказвае тое, наколькі сёння ў краіне пастаўлена работа па ахове прыродных экасістэм, і наколькі яны захаваныя, і наколькі выконваецца ўвесь комплекс мерапрыемстваў па захаванні біялагічна-ландшафтнай разнастайнасці”.
Пры гэтым Каранчук адзначыў, што апроч статусу ніякай выгады ад дыплома няма.
“Акрамя павышэння аўтарытэту я не памятаю, каб мы дзякуючы гэтаму атрымалі нейкія вялікія гранты. Былі, але напрыканцы 90-х. Цяпер колькі мы ні звяртаемся, колькі заявак не падавалі, паўсюль кажуць, што да Беларусі асобнае стаўленне. Так мы нічога і не атрымалі”.
Еўрарадыё датэлефанавалася да кіраўніцтва Белавежскай пушчы. Намеснік дырэктара па навуцы Дзмітры Бярнацкі паведаміў, што тэрмін дзеяння дыплома сапраўды мінуў, але пакуль Савет Еўропы не прыняў новае рашэнне, яго нельга лічыць ануляваным.
"Гэта планавае пытанне, якое паўстае раз на пяць гадоў. 1997 год, потым 2002, цяпер вось у 2007”.
Дарэчы, дыплом Савета Еўропы мае і Бярэзінскі біясферны запаведнік. Тэрмін яго дзеяння быў працягнуты ў мінулым годзе да 11 верасня 2011 года.
Намеснік дырэктара па навукова-даследчай працы Бярэзінскага запаведніка Валеры Іўковіч пацвердзіў, што дыплом дзёйнічае да канкрэтнай даты, у прыватнасці, да 11 верасня. Пры гэтым штогод яны павінны прадастаўляць спецыяльнай камісіі справаздачу аб ходзе выканання мерапрыемстваў, прадугледжаных дыпломам. Валеры Іўковіч адзначыў, што дыплом, па сутнасці, уплывае толькі на імідж.
“Што датычыць розных грантаў і фінансавай падтрымкі, то гэты дыплом мала на што ўплывае.”
фота - www.chti-vo.com