Ці змогуць кандыдаты ў прэзідэнты паўдзельнічаць у тэледэбатах?

Згодна з новым выбарчым кодэксам, для правядзення тэледэбатаў дастаткова двух любых кандыдатаў, а адмовіць ім у дадатковым эфірным часе Цэнтрвыбаркам не зможа.
13 чэрвеня ў Польшчы прайшлі тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты. А вось у Беларусі прэтэндэнты на пасаду кіраўніка краіны апошнія раз спрачаліся на тэлеэкране 16 гадоў таму. Еўрарадыё зацікавілася, ці складана арганізаваць тэледэбаты ў нашай краіне.

Новы выбарчы кодэкс, які пачаў дзейнічаць сёлета, дае права дэбатаваць кожнаму кандыдату ў прэзідэнты. Для гэтага дастаткова пісьмова або нават вусна звярнуцца ў Цэнтрвыбаркам. Прычым для правядзення дэбатаў хопіць і 2 жадаючых, патлумачыла Еўрарадыё старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына: “У прынцыпе дастаткова 2-х кандыдатаў, і гэта тычыцца не толькі прэзідэнцкіх, але і парламенцкіх выбараў. Па выбарчай акрузе будзе напрыклад ісці 5 кандыдатаў, а прыняць удзел у дэбатах захочуць толькі 2. Гэта значыць яны будуць у больш выйгрышнай пазіцыі, чым іншыя, таму што яны атрымаюць дадатковы эфір дзякуючы гэтаму”.

Адмовіць у правядзенні дэбатаў Цэнтрвыбаркам не можа. Няма і абмежавання кандыдатаў па часе. Праўда эфірны час на дэбаты залежыць ад сеткі вяшчання канала, на якім іх будуць трансляваць. А для гэтых мэтаў Цэнтрвыбаркам звычайна выкарыстоўвае Першы нацыянальны тэлеканал. 

Праводзіць тэледэбаты можна было і перад прыняццем новага выбарчага кодэкса, аднак дадатковага эфірнага часу на гэта не давалася. Падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі дэбаты не праводзілі, бо ніхто не звяртаўся, кажа Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына: “Пры жаданні кандыдатаў можна было б аб’яднаць іх час і правесці падобнае, аднак такіх зваротаў у Цэнтрвыбаркам не было. Але ў гэтым выпадку мы маглі б пайсці ім насустрач і зрабіць такі прэцэдэнт”.

То бок тэарэтычна ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін маглі ўдваіх дэбатаваць у эфіры Першага нацыянальнага, нават пры адсутнасці Аляксандра Лукашэнкі. Праўда кандыдаты такога жадання не выказалі. На думку Аляксандра Мілінкевіча, ён зрабіў усё правільна.

Аляксандр Мілінкевіч: “Я лічу, што той метад, які я выбраў – значна лепшы. Я звяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі, каб правесці тэледэбаты і нагадваў яму, што ён сам выйграў выбары дзякуючы тэледэбатам. І сказаў, што калі ён не пойдзе на тэледэбаты, то будзе баязліўцам”.

Не бачыць вялікай карысці ў дэбатах без Лукашэнкі і Аляксандр Казулін. На яго думку, прэзідэнт і сёлета не пагодзіцца прымаць удзел у чымсьці падобным.

Аляксандр Казулін: “Аляксандр Лукашэнка як агню баіцца прымаць удзел у дэбатах з кім бы тое ні было. Ён проста даўно адвык, каб яму задавалі нязручныя пытанні. І адказваць на іх ён проста не гатовы”.

Тым не менш, як даведалася Еўрарадыё, у сёлетнюю кампанію Аляксандр Мілінкевіч прыме ўдзел у тэледэбатах, на гэты раз – незалежна ад прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі.

Як праходзілі дэбаты ў Польшчы.

13 чэрвеня прайшлі тэледэбаты з удзелам чатырох з дзесяці кандыдатаў у прэзідэнты Польшчы. Браніслаў Камароўскі, Яраслаў Качыньскі, Гжэгаж Наперальскі і Вальдэмар Паўляк ідуць на пасаду прэзідэнта ад чатырох самых уплывовых палітычных партый, прадстаўленых у парламенце.
Браніслаў Камароўскі, які заракаўся, што ўдзельнічаць у дэбатах не будзе, з'явіўся ў студыі ледзь не ў апошнюю хвіліну. 

Браніслаў Камароўскі: “Сёння сустракаўся з мноствам людзей, што прыехалі з усёй Польшчы на сустрэчу са мной, большасць з іх казалі: не хадзі ў тое асінае гняздо...”

Тэлевядучыя пасмяяліся, запытаўшы, ці яны сапраўды нагадваюць восы.

Польскія спецыялісты па піяры кажуць, што дэбаты выйшлі даволі нудныя. Падчас іх чатыры кандыдаты адказалі прыблізна на 15 пытанняў. Яны тычыліся рознага: планаў змагання з паводкай, якая заліла Польшчу, адносінаў да ўдзелу польскіх войскаў у вайне ў Афганістане, увядзенне ў Польшчы еўра, энергетычную бяспеку і знешнюю палітыку.

Кожны меў адну хвіліну на адказ. Калі ён гаварыў даўжэй, то гучаў спецыяльны сігнал, і ад наступнага пытання час адымаўся.

Па некаторых пытаннях кандыдаты мелі вельмі падобныя меркаванні. Напрыклад, гаворачы пра развіццё прадпрымальніцтва, усе выказаліся за спрашчэнне працэдураў і паляпшэнне прававых умоваў. Усе кандыдаты надалі вялікую ўвагу адукацыі. Спадар Наперальскі выступіў за бясплатны інтэрнэт і доступ да камп’ютараў у кожнай школе і бясплатную адукацыю на ўсіх узроўнях. З ім пагадзіўся Яраслаў Качыньскі:

Яраслаў Качыньскі: “Калі казаць пра вышэйшую адукацыю, то вельмі важна падтрымка, розныя зніжкі для студэнтаў і вучняў. Права бясплатна вучыцца на некалькіх спецыяльнасцях”.

Асаблівае пытанне, па якім разыходзяцца кандыдаты ў прэзідэнты Польшчы як пераважна каталіцкай краіны, ― стаўленне да штучнага апладнення. Так, для Яраслава Качыньскага, гэта крайні метад барацьбы з бясплоднасцю, Браніслаў Камароўскі таксама выказваецца асцярожна.

Браніслаў Камароўскі: “Гэта цяжкая праблема, але вырашальная. Трэба, як і ў справах аборту, знайсці такі кампрамісны варыянт, які б шанаваў каталіцкую ўражлівасць”.

І толькі Гжэгаж Наперальскі упэўнена выступае “За”.

Гжэгаж Наперальскі: “Калі можам дапамагчы людзям, то давайце дапаможам! In vitro дапамагае людзям, бо бясплоднасць – гэта хвароба. Давайце адкрыта пра гэта скажам! Аплацім in vitro усім, хто ў гэтым мае патрэбу, мусім на гэта знайсці грошы! Бо дзеці – вялікае шчасце, будучыня нашага народу”.

Беларусь падчас паўтарагадзінных тэледэбатаў узгадалі толькі аднойчы. Пра нашу краіну казаў Вальдэмар Паўляк, адказваючы на пытанне пра знешнюю палітыку.

Вальдэмар Паўляк: “Польшча можа быць рэпрэзентантам інтарэсаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, калі будзе лепей разумець інтарэсы рэгіёну. У 9 новых краінах ЕС, Малдове, Украіне і Беларусі разам пражываюць 160 мільёнаў чалавек, значыць, больш чым у Расіі”.

Апошнімі днямі разрыў паміж Камароўскім і Качыньскім змяншаецца, а значыць расце перадвыбарчы накал. 16 чэрвеня суд разглядае позвы двух лідараў перадвыбарнай гонкі адзін на аднаго. Камароўскі вінаваціць Качыньскага ў хлусні праз заяву, быццам урад плануе правесці прыватызацыю сістэмы аховы здароўя.

Фота: svaboda.org