Ціхановіч: "Выканаўцу на "Еўрабачанне" могуць проста прызначыць"

Падрыхтоўкай канкурсанта для ўдзелу ў "Еўрабачанні" сёлета будзе займацца не АНТ, а зноў БТ. Якім чынам будзе адбывацца адбор і каго туды дашлюць, да гэтага часу невядома Расказаць Еўрарадыё, якім чынам будзе адбывацца адбор на "Еўрабачанне", намеснік старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка адмовіўся. Не ведае гэта і кіраўнік дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм Дзяніс Шпітальнікаў.

Дзяніс Шпітальнікаў: “Магчыма, ёсць нейкая інфармацыя на ўзроўні старшыні, намеснікаў і вышэй. Я на сённяшні дзень абсалютна шчыра вам кажу: уяўлення ніякага не маю пра тое, што адбываецца вакол "Еўрабачання". А менавіта — вакол адбору нашага ўдзельніка ў гэтым годзе. Ні для каго не сакрэт, што ў нас гэта вырашаецца на самым высокім узроўні. Таму з гэтымі пытаннямі трэба ўзроўнем вышэй узнімацца”.

Нагадаем, што летась кіраўнік дзяржавы, расчараваны вынікам выступу на "Еўрабачанні" Пятра Ялфімава, пазбавіў магчымасці рыхтаваць беларускага канкурсанта Белдзяржтэлерадыёкампанію і даверыў гэта каналу АНТ. Тыя з імпэтам узяліся за справу і яшчэ летам аб’явілі конкурс на лепшую песню для "Еўрабачання". Нават паабяцалі за яе прэмію ў памеры 50 тысяч долараў. І пачалі праводзіць конкурс, які атрымаў назву “Музычны суд”.

Але рэч у тым, што прадстаўляць канкурсанта на "Еўрабачанні" можа толькі тэлеканал, які мае ліцэнзію Еўрапейскага вяшчальнага саюза. У АНТ такой ліцэнзіі не было, і спадзяванні на тое, што яны яе атрымаюць, не спраўдзіліся. Хоць лепшую песню абраць паспелі. Вось толькі намеснік старшыні БТ Аляксандр Мартыненка заявіў газеце “Комсомольская правда в Беларуси”, што найхутчэй на "Еўрабачанне" песню БТ будзе адбіраць само.

Кіраўнік дырэкцыі музычных праграм лічыць такі падыход лагічным.

Дзяніс Шпітальнікаў:
“Займацца адборам павінен той тэлеканал, які прадстаўляе канкурсанта. Калі адзін тэлеканал будзе шукаць, а другі — прадстаўляць… Тут, мне падаецца, ніколі агульнай мовы мы не знойдзем. Калі вельмі трэба будзе, мы яго, вядома, знойдзем, калі радзіма загадае. Але з творчага боку як гэта будзе: адзін мастак малюе руку, другі — нагу, а трэці карціну выстаўляе?”

Не ведае, якім чынам будзе сёлета ажыццяўляцца адбор і падрыхтоўка канкурсанта, і Аляксандр Ціхановіч. Менавіта ён і яго каманда займаліся гэтай справай на БТ цягам апошніх гадоў. Але пакуль, кажа, да яго з прапановай працягнуць справу не звярталіся.

Аляксандр Ціхановіч: “На жаль альбо на радасць, нават не ведаю, як сказаць, такіх размоў няма. Там усё пакуль вырашаецца без нас. Дай ім Бог удачы і поспеху”.

Што ж тычыцца таго, ці паспее БТ падрыхтаваць канкурсанта, то, паводле яго словаў, час яшчэ ёсць. Хоць і не шмат.

Аляксандр Ціхановіч:
“Тэрміны яшчэ трываюць, бо сустрэча кіраўнікоў дэлегацый пройдзе ў сакавіку. І да гэтага часу ўсё павінна адбыцца. Проста будзе менш часу на розныя прома-акцыі, звязаныя з выканаўцам”.

Адзінае, кажа, потым павінна вельмі хутка і добра працаваць каманда па падрыхтоўцы выканаўцы і нумара. Але што гэта будзе за каманда, Ціхановіч не ведае. Жадаючых прыйсці на гатовае знайсці не складана.

Аляксандр Ціхановіч: “Можна прыйсці на ўсё гатовае — у іх жа ёсць усе нашыя ўзоры. Але там жа другога няма: там няма сувязяў, яны ж наладзіліся з людзьмі, з якімі мы мелі зносіны. І з Еўрапейскага вяшчальнага саюза, і арганізатары з розных краін”.

Праўда, разважае Ціхановіч, магчымы і такі варыянт, што выканаўцу прызначаць, а ўсёй падрыхтоўкай скажуць займацца яму самому.

Аляксандр Ціхановіч: “Можа ж быць так, што прызначаць выканаўцу: “Рабі сам усё, а мы цябе потым адкамандзіруем, пратранслюем — і ўсё”. Такое ж таксама можа быць”.

На АНТ, згодна са словамі прэс-сакратара Таццяны Курбат, ужо ведаюць, што песня-пераможца іх "Музычнага суда" на "Еўрабачанне" найхутчэй не паедзе. Але ставяцца да гэтага па-філасофску.

Таццяна Курбат: “На сёння мы не з’яўляемся сябрам ЕВС і таму не можам афіцыйна займацца праектам "Еўрабачання". Можна крыўдзіцца колькі заўгодна, але ёсць нейкія правілы, і мы не можам ісці супраць іх. Але калі БТ захоча прыцягнуць нас у якасці памочніка, выкарыстаць нашых выканаўцаў, нашы песні альбо нашы ідэі, то мы з задавальненнем ім дапаможам”.

А “Музычны суд”, які ад пачатку планаваўся як конкурс песні для “Еўрабачання”, АНТ ператварыла ў шоў-праграму. І ўжо прымае песні на удзел у чарговым “судзе”.