Цім Бэртан знайшоў Алісу ў Аўстраліі

Перамовы Ціма Бэртана і аўстралійкі Міі Васікоўска амаль скончаныя. Паводле паведамлення The Hollywood Reporter, рэжысёр запрасіў 18-гадовую актрысу на галоўную ролю ў карціне "Аліса ў Краіне цудаў" па аднайменнай казцы Люіса Кэрала.

Сцэнар карціны Бэртана і студыі Disney напісала Лінда Вулвертон, якая працавала над дыснэеўскім "Каралём-львом".

Свой фільм Бэртан збіраецца здымаць, выкарыстоўваючы тэхналогію анімацыйнага ілюстравання эпізодаў з удзелам жывых акцёраў ("performance-capture").

Здымкі карціны пачнуцца ў лістападзе 2008 года.

Васікоўска, якая раней здымалася ў тэлесерыялах, зараз працуе разам з Дэніэлам Крэйгам у ваеннай драме Эдварда Цвіка "Defiance".

Нагадаем, што Цім Бэртан зняў такія фільмы, як "Эдвард - рукі-нажніцы", "Эд Вуд", "Сонная Лагчына", " Труп нявесты" і "Суіні Тод: цырульнік-маньяк".

Фота: de.eonline.com