Coldplay выдадуць 2 альбомы за год

Брытанцы Coldplay паабяцалі сваім прыхільнікам не затрымліваць рэліз новага студыйнага альбому. Паводле словаў франтмэна калектыву Крыса Марціна, гурт плануе прадставіць сваю чарговую, пятую па ліку кружэлку не пазней за снежань 2009-га году. Дата выбраная не выпадкова – гэтым рэлізам музыкі жадаюць «закрыць» першы дзесяцігадовы раздзел сваёй кар'еры.

Падчас нядаўняга інтэрв'ю брытанскай радыёстанцыі BBC6 Марцін заявіў, што «ў снежні гэтага году Coldplay збіраецца выдаць калядны міні-альбом «Prospects March», а скончыць дэкаду сваёй дзейнасці плануе рэлізам новага студыйніка пад канец 2009-га».

Нагадаем, што з часу выдання апошняга на сёння альбому Coldplay «Viva La Vida Or Death & All His Friends» прайшло зусім мала часу – кружэлка з'явілася сёлета ў чэрвені.

Зараз музыкі гастралююць па Еўропе ў межах турнэ ў яе падтрымку.

Фота: allthingsrock.wordpress.com