Cradle Of Filth праспяваюць легенду пра Жыля дэ Рэ

Брытанскія металісты Cradle Of Filth назвалі дату рэлізу свайго новага альбому «Godspeed on the Devil's Thunder». Восьмы студыйны дыск калектыву трапіць на прылаўкі музычных крамаў 28 кастрычніка.

Адначасова з традыцыйным адзінарным выданнем будзе выдадзены люксавы варыянт альбому з бонус-дыскам, куды ўвайшлі цікавыя рарытэты – адмыслова для знатакоў.

Па словах лідэра калектыву Дэні Філса, «Godspeed on the Devil's Thunder» - канцэптуальная работа, прысвечаная рэальнаму і вельмі супярэчліваму гістарычнаму персанажу – французскаму барону Жылю дэ Рэ, які з'яўляўся паплечнікам Жаны Д’Арк і пакінуў пра сябе памяць жорсткага забойцы і ерэтыка.

Паводле словаў франтмэна Cradle Of Filth, «няма ніякіх сумневаў, што гэта найбольш экстрэмальны, драматычны і неадназначны альбом з усяго, што калі-небудзь запісваў калектыў. Легенда пра Жыля дэ Рэ атрымала новае жыццё ў гэтым канцэптуальным шэдэўры, прасякнутым, як смалой, чорнай магіяй і злосцю. Незалежна ад таго, што сцвярджаюць нядобразычліўцы, ва ўсіх адваляцца сківіцы, калі будуць слухаць яго».

Адна з песень з новага альбома – «Tragic Kingdom» - зараз размешчаная для вольнай запампоўкі на сайце лэйбла Roadrunner Records, які выдае кружэлку гурта.

Падтрымаць выхад свайго новага альбому Дэні Філс і кампанія збіраюцца маштабнымі гастролямі па Еўропе, якія пачнуцца ў снежні 2008-га. Кампанію Cradle Of Filth у гэтым туры складуць Gorgoroth і Moonspell.

Фота: profile.myspace.com