ЦТ-2009: Без рэпетытараў можна набраць 40 балаў

Еўрарадыё з дапамогай выкладчыкаў і абітурыентаў прааналізавала сёлетнія тэсты
Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў агучыў вынікі цэнтралізаванага тэсціравання: 0 балаў сёлета атрымалі значна менш, а затое 100-бальнікаў больш ажно ў 3 разы. Паводле слоў дырэктара інстытута Мікалая Фяськова, гэтыя вынікі пацвярджаюць, што сёлетнія тэсты сталі больш лёгкімі і цалкам адпавядалі школьнай праграме. Еўрарадыё спытала саміх абітурыентаў і іх рэпетытараў, ці сапраўды здаць ЦТ было так проста.

Дасведчаны рэпетытар Вадзім лічыць, што сёлетні тэст па фізіцы выходзіў па-за школьную праграму яшчэ больш, чым у мінулым годзе.

Вадзім: “Стала больш складаная фізіка. Цяжкавата, узровень даволі высокі. Яны шмат чаго не ведалі па сваёй школьнай праграме. Тых ведаў, якія ім даюць у школе, шмат дзе не хапала”.

Рашыць тэст па матэматыцы з дапамогай адных толькі школьных падручнікаў было немагчыма, кажа настаўнік Міхаіл. Яго вучні скардзіліся на “лютасць” тэсціравання, асабліва заданняў з групы В. А вось самаму Міхаілу, алімпіядніку ў мінулым, яно не падалося такім ужо цяжкім.

Міхаіл: “Адэкватнасці школьнай праграмы мала ва ўсім. У школе не вучаць, а на тэсціраванні ёсць, гэта праўда. Але нармальнае тэсціраванне больш-менш, я не думаю, што яно такое зверскае, як ацэньваюць самі дзеці”.

Рэпетытар па рускай мове Вераніка таксама адзначае, што сёлетні тэст быў больш складаны, чым у мінулым годзе. Яе вучням не хапіла часу, каб выканаць усе заданні.

Вераніка: “Бясспрэчна, яно было больш складанае і шмат у чым менавіта з-за часу. Праблема часу найбольш актуальная для матэматыкі і фізікі, а ў гэтым годзе яна была і для рускай мовы, хаця ў мінулым годзе такога не назіралася”.

Паводле слоў Веранікі, тэст па рускай мове адпавядаў школьнай праграме. Аднак, нягледзячы на гэта, здаць яго добра без дапамогі рэпетытара амаль немагчыма. З гэтым згаджаецца і настаўніца беларускай мовы Ганна. Тэставыя заданні ўключаюць нават правілы з пачатковай школы, якія ў 11 класе ніхто не памятае. Аднак сёлетні тэст па беларускай мове быў больш-менш выканальны.

Ганна: “Я лічу, што тэст быў сярэдняй ступені цяжкасці. У прынцыпе, мае вучні добра напісалі. Шчыра кажучы, 60-70 балаў для гэтага года — гэта добры вынік”.

Звычайнаму школьніку сёлета мусіла пашчасціць, каб здаць англійскую мову на 50 балаў без рэпетытара, кажа настаўнік Аляксей. Хаця сам тэст па цяжкасці быў прыкладна такі, як і мінулагодні.

Аляксей:
“У некаторых момантах больш цяжкае, у іншых — лягчэйшае. У прынцыпе, дзесьці пароўну. Тэсціраванне патрабуе па максімуме таго, што даюць у школе. Аднак не ва ўсіх школах даюць гэты максімум”.

Тэсты па хіміі і біялогіі менш складанымі сёлета таксама не сталі. Без дадатковых заняткаў і тут не абысціся. Пры самастойнай падрыхтоўцы школьнік набярэ максімум балаў 40, упэўненая рэпетытар па хіміі Марыя Генадзеўна.

Марыя Генадзеўна: “Дапамога дзецям патрэбна. У школе не зачапляецца ў такім аб’ёме ніводны з аспектаў хіміі, якія даюцца на тэсціраванні. Без рэпетытараў можна набраць балаў 30-40, але з такім вынікам добра, калі на платнае трапіш”.

Рэпетытар па гісторыі Беларусі Сяргей Мікалаевіч таксама не заўважыў, што тэсты сталі больш лёгкія. Амаль палова пытанняў была прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, адказаць на іх было цяжка нават настаўніку.

Сяргей Мікалаевіч: “Вельмі шмат пытанняў было па ВАВ, аж да таго, хто камандаваў дробнымі атрадамі. Ведаць гэта было нерэальна”.

Тэст па гісторыі падаўся складаным і абітурыенту Пятру — зноў жа з-за пытанняў пра вайну. А найбольш лёгкай для яго была беларуская мова.

Пётр: “Найбольш цяжкай была гісторыя, яна вельмі моцна адрознівалася ад рэпетыцыйнага тэсціравання. Пытанні былі больш цяжкія і шмат было па Другой сусветнай вайне. Узровень англійскай мовы быў сярэдні, можа нават крыху вышэй, а беларуская мова, у прынцыпе, дастаткова лёгкая”.

Цяжка не было і абітурыентцы Лене, якая ўвесь год займалася з рэпетытарамі. Сярод усіх тэстаў найбольш складанай для яе была матэматыка:

Лена: “Не, я не магу сказаць, што было цяжка. Я ўвесь год займалася з рэпетытарамі, і мне было нармальна здаваць. Нічога новага і нечаканага я не пабачыла ў тэсціраванні: у прынцыпе, усё было па сілах. Аднак матэматыка найбольш цяжкая”.

Але сярод сёлетніх 11-класнікаў шмат было і тых, хто проста пабаяўся здаваць тэсты. Вучні, якія ў выніку адмены 12-гадовага навучання, за год павінны былі засвоіць праграму 10 і 11 класаў, проста не паспелі вывучыць увесь матэрыял, кажа настаўніца Анжэла Барысаўна.

Анжэла Барысаўна:
“Па ўсіх прадметах ім больш складана, канечне, яны не паспелі. Шмат хто нават не пайшоў здаваць, кажуць: “Мы не зможам”. А тыя, хто з кімсьці займаўся, — добра калі на 60 балаў паздавалі. Канечне, ім цяжка”.

Так што лёгкасці тэстаў ніхто, акрамя Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, не заўважыў.


Фота — vminsk.by