ЦВК памылкова выпісаў пасведчанне даверанай асобы на палітвязня
У чацвер кандыдату ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгору Кастусёву патэлефанавала супрацоўніца ЦВК спадарыня Кісялёва і папрасіла тэрмінова вярнуць пасведчанне даверанай асобы, выдадзенае на імя Мікалая Аўтуховіча. Яна паведаміла, што пасведчанне было выпісанае памылкова. Пазней старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паспрабаваў высветліць сітуацыю, прыйшоўшы ў ЦВК. Там яму сказалі, што пасведчанне насамрэч выпісалі памылкова, бо хацелі выдаць усе пасведчанні як мага хутчэй і таму не праверылі ўсіх асобаў. У ЦВК Аляксею Янукевічу паведамілі, што асобы, якія, паводле рашэння суду, знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, не маюць права браць удзел у выбарах, у тым ліку ў якасці давераных асобаў кандыдатаў у прэзідэнты, паведамляе Радыё Свабода.