ЦВК: У Гомелі ў Палату прадстаўнікоў абраная Алена Астапюк
Дэпутатам стала загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Гомельскай гарадской паліклінікі №1.
23 сакавіка, у дзень галасавання на выбарах у мясцовыя саветы, праходзілі паўторныя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Новабеліцкай акрузе № 36. Як паведамляе БЕЛТА, яўка склала амаль 74% выбаршчыкаў.
Вядома, што Алена Астапюк — беспартыйная. Разам з ёй балатаваліся сябра Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Віктар Хоміч і намеснік дырэктара ДЮСШ алімпійскага рэзерву №7 Мікалай Шкірэеў. Раней знялі свае кандыдатуры сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Няпомняшчых і настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы №2 Вольга Судакова. Не прайшлі рэгістрацыю Галіна Краўчанка (рух "За Свабоду") і Андрэй Цянюта (гомельская кааліцыя "Наша альтэрнатыва"), інфармуе БелаПАН.
За Алену Астапюк прагаласавалі 76,02%, за Мікалая Шкірэева — 7,85%, за Віктара Хоміча — 7,35%. Каля 4 тысяч чалавек прагаласавалі супраць усіх, каля 1100 бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі.