Цырымонія адкрыцця Еўра-2008 доўжылася 13 хвілін

Канцэпцыю цырымоніі адкрыцця чэмпіянату Еўропы па футболе распрацавалі арт-дырэктар Марцін Арно і агенцтва Auditoire. Пры гэтым актыўна выкарыстоўвалася сучасная кампутарная графіка, з дапамогай якой атрымалася маляўнічае шоў. 600 валанцёраў з дапамогай каляровых кубоў  паказалі гледачам розныя карціны: спачатку на футбольным полі былі акрэсленыя контуры Альпаў, потым быў створаны жывы цыферблат, які адлічвае час да пачатку турніру.  Агульная маса каляровых кубікаў складала пяць тон, на іх выраб пайшло 12 кіламетраў тканіны.Усяго ў цырымоніі ўзялі ўдзел 976 спартоўцаў – гімнасты Швейцарыі і Аўстрыі, хадуляходы з групы Gangart. Напрыканцы цырымоніі яе ўдзельнікі намалявалі эмблему Еўра-2008, пасля чаго 16 дзяцей, якіх вывела на поле Міс Швейцарыя-2008 Аманда Аман, пад гукі альпійскіх ражкоў і цірольскія спевы вынеслі сцягі краін, што ўдзельнічаюць у Еўра-2008. Вянчаў цырымонію гучны феерверк, падчас якога ў паветра выпусцілі тысячы зялёных надзіманых балонікаў.
Галоўная падзея – свісток арбітра да пачатку першага матчу Еўра-2008 прагучаў адразу ж пасля цырымоніі адкрыцця. Яго выканаў італьянскі рэферы Раберта Разэці. Так пачаўся матч Швейцарыя-Чэхія. Перамогу ў ім з лікам 0:1 атрымалі чэхі.
Novonews