Да Лідзіі Ярмошынай арганізаваны "вельмі жорсткі праход"

На першай сённяшняй прэс-канферэнцыі старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай было больш спецслужбістаў, чым журналістаў. На ўваходзе ў залу журналісты праходзілі вельмі жорсткую праверку. Вось што паведамляе нашая карэспандэнтка Вольга Сівакова:

"Вельмі жорсткі праход да спадарыні Ярмошынай, паколькі трэба прайсці рамку металашукальніка. Паказаць асабістыя рэчы на дагляд. І адной карткі акрэдытацыйнай недастаткова, патрэбны пашпарт і рэдакцыйнае пасведчанне".

На прэс-канферэнцыі Ярмошына паведаміла, што на 9 гадзінаў раніцы ўжо прагаласавалі 30% выбаршчыкаў. Яна адзначыла, што ў параўнанні з папярэднімі выбарамі, "гэта не шмат".

Наступная прэс-канферэнцыя старшыні ЦВК адбудзецца ў 15.00.