Дабудоў да Купалаўскага тэатра, прапанаваных студэнтамі, не будзе

Ніякіх дабудоў у стылі мадэрн да галоўнага будынку тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, прапанаваных раней студэнтамі з архітэктурнага бюро БНТУ пад кіраўніцтвам прафесара Армена Сардарава, не будзе. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла навуковы кіраўнік праекта рэканструкцыі Купалаўскага тэатра, начальнік архітэктурна-рэстаўрацыйнага аддзела прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя” Людміла Іванова. Паводле яе слоў, тэатр пашырыцца, але за кошт прыбудовы дадатковых памяшканняў з задняга фасаду будынка, з захаваннем адзінага архітэктурнага стылю.

Людміла Іванова: “Мы адразу гэта прапаноўвалі. У нас ёсць афіцыйны заказ і мы яго адпрацоўваем. А тое, што рабіў Сардараў, гэта яго прыватная ініцыятыва была — проста прапанова папрацаваць”.

Па словах Людмілы Івановай, казаць пра тое, калі пачнецца будоўля, яшчэ зарана. Найперш, трэба зрабіць архітэктурны праект і правесці яго экспертызу.

Неўзабаве на Еўрарадыё падрабязны матэрыял пра рэканструкцыю Купалаўскага тэатра