Дачку актывіста БХД скралі і вывезлі ў лес

Раніцай 27 ліпеня дачка бабруйскага прадпрымальніка Вячаслава Шэлега, 16-гадовая Наталля пайшла з дому на ранішнюю прабежку. Калі яна вісела на турніку, да яе падышоў невядомы і моцна ўдарыў па галаве. Дзяўчына страціла прытомнасць. Ачомалася яна  ў лесе з разбітай патыліцай. Увесь твар і рукі былі абмазаныя чорнай фарбай, падобнай да той, якая выкарыстоўваецца для ўзяцця адбіткаў пальцаў.



У дзяўчыны таксама знялі і забралі абутак, ключы і мабільны тэлефон. Каля 2 гадзін Наталля блукала па лесе і выйшла на дарогу ў раён Шчаткава каля дзіцячых летнікаў — гэта прыкладна 20 кіламетраў ад яе дому. Спрабавала спыніць машыну, але працяглы час ніхто не спыняўся. Пасля спыніўся нейкі чалавек і даў ёй мабільны тэлефон. Наталля пазваніла бацьку, які прыехаў за ёй.



Як паведаміў Радыё Свабода Вячаслаў Шэлег, 28 чэрвеня дачцэ пагражалі невядомыя дзецюкі. Казалі, каб ейны бацька спыніў палітычную дзейнасць.



Вячаслаў Шэлег — бабруйскі прадпрымальнік, сябра аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Балатаваўся ў 2010 годзе ў Магілёўскі аблсавет па Кіраўскай выбарчай акрузе. Пісаў скаргі на парушэнні выбарчага заканадаўства.