Дагестан узняўся на барацьбу з расійскай эстрадай

На днях імамы Махачкалы абвясцілі спіс вядомых расійскіх і ўкраінскіх выканаўцаў, якім непажадана з’яўляцца ў Hэспубліцы Дагестан. У спіс трапілі Верка Сярдзючка, Барыс Маісееў, Сяргей Пенкін, Шура, Валерый Лявонцьеў, Філіп Кіркораў, Сяргей Звераў, Жана Фрыске, «ВИАгра”, “Рефлекс”, “Блестящие”, “Коррозия метала”, “Новые русские бабки”, "Миннет”, “Гости из будущего” і іншыя.

Старшыня Савету імамаў Махачкалы, імам цэнтральнай мячэці Махачкалы Магамед-Расул Саадуеў, калі каментаваў гэты спіс, сказаў, што "Дагестан – гэта зямля далёкіх і глыбокіх мусульманскіх традыцый.

І дагестанцы ўжо стаміліся ад безгустоўных шоў, пустых гумарын і бясполых істотаў, якія запаланілі расійскую эстраду".

У сувязі з гэтым савет імамаў рэспублікі прапанаваў некаторым артыстам і выканаўцам "сур’ёзна падумаць перад тым, як паставіць у свой гастрольны графік Махачкалу".

Выступы і рэпертуар гэтых артыстаў старшыня Савету імамаў Махачкалы назваў правакацыйнымі і адзначыў, што большая частка дагестанцаў успрымаюць іх, скажам так, творчасць, як выклік сваім каштоўнасцям, "а часам і як асабістую абразу".

Дадам, што гэты спіс далёка не поўны. Імёны астатніх прадстаўнікоў сучаснай расійскай эстрады, якія б маглі патрапіць у спіс, на жаль, не называюцца.

Але, паводле паведамлення імамаў, "з’яўленне ў Дагестане ўсіх тых, хто так ці інакш усхваляе "свабоднае каханне", п’янства і наркаманію, мякка кажучы, непажаданае".

Адразу ж узнікае пытанне, што вырашаць імамы з выступамі ў краіне спявачкі Алсу, якая таксама мусульманка, але вяселле гуляла з габрэем.

Фота: www.kp.ru