ДАІ: За адсутнасць флікера можна аштрафаваць нават кіроўцу

З 23 лютага пешаходы за адсутнасць флікера могуць атрымаць штраф да 105 тысяч. Еўрарадыё пацікавілася у старшага інспектара аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгарвыканкама Юрыя Краснова, у якіх выпадках накладаецца штраф. Флікер павінен быць, калі пешаход ідзе па краі праезнай часткі ў цёмны час сутак. Пераходзіць дарогу па-за падземным або надземным пераходам можна і без флікера, бо правілы толькі рэкамендуюць яго.

"Такім чынам, пешахода можна пакараць, толькі калі ён ідзе без святлоадбівальнага элемента ў цёмны час сутак па праезнай частцы", - кажа Юрый Красноў.

Таксама можна пакараць кіроўцу, які выйшаў без флікера на дарогу з аўтамабіля.

А для гораду флікеры ўвогуле не актуальныя. У Мінску амаль няма вуліц без тратуара - хіба што ў новых раёнах. ДАІ адсочвае, каб там пракладалі тратуар. А калі яго няма, пра гэта трэба паведамляць у ДАІ.

Але такія правілы будуць дзейнічаць нядоўга. Да канца года будуць прынятыя папраўкі ў ПДР. Выкарыстанне флікераў стане абавязковым у любым выпадку падчас пераходу дарогі - і ў горадзе, і за горадам.