Дакладчык ПАСЕ па Беларусі: Мы павінны заявіць пратэст

Рэпрэсіі па-ранейшаму працягваюцца, — заявіла дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па Беларусі Сініка Хурскайнен на дэбатах 27 студзеня ў Страсбургу.  "ПАСЕ не можа рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Мы павінны заявіць пратэст супраць парушэння правоў чалавека, супраць гвалту, які адбываецца. Мы павінны патрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення затрыманых — экс-кандыдатаў, праваабаронцаў, журналістаў", — падкрэсліла яна.

"Прапаноўваю, каб ПАСЕ даслала выразны сігнал уладам Беларусі. З прычыны цяперашняй сітуацыі асамблея павінна зноў пацвердзіць сваё рашэнне аб спыненні кантактаў на высокім узроўні з Беларуссю і прыпыненні рашэння аб вяртанні беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага да тых часоў, пакуль у краіне не будзе адменена смяротнае пакаранне і ў краіне не будуць ўшаноўвацца і выконвацца правы чалавека", — заявіла дакладчык ПАСЕ, перадае БелаПАН.