Данія адмовілася аддаць ЕС кантроль над сваёй мяжой
53% датчанаў выказаліся на рэферэндуме супраць правілаў Еўрасаюза ў сферы права і ўнутраных спраў, перадае BBC. Такім чынам, Данія не пойдзе на больш шчыльнае супрацоўніцтва з ЕС.
Правацэнтрысцкі ўрад Даніі хацеў адмовіцца ад так званых выключэнняў (opt-outs) з агульнаеўрапейскай палітыкі. Пры ўваходжанні ў Еўрасаюз Данія дамовілася, каб некаторыя палажэнні еўрапейскага права не дзейнічалі на яе тэрыторыі. Яны былі замацаваныя ў Маастрыхцкай дамове 1992 года. Дзякуючы ім Данія мае права весці ўласную палітыку ў галіне бяспекі і абароны, фінансаў і еўрапейскага грамадзянства.
На рэферэндум, у прыватнасці, было вынесена пытанне пра кантроль над мяжой. Гэтая праблема набыла асаблівую значнасць пасля нядаўніх нападаў у Парыжы, а таксама на фоне наплыву ў Еўропу рэкорднай колькасці мігрантаў.
Урад краіны агітаваў за больш глыбокую інтэграцыю ў ЕС. Але пасля рэферэндуму прэм'ер-міністр Ларс Локе Расмусэн паведаміў, што "глыбока паважае" рашэнне электарату.