Дапамога на дзіця менш за 100 долараў — "добрае дасягненне"

Пра гэта паведаміла 3 сакавіка старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Антаніна Марова.

Марова паведаміла, што плануецца павялічыць удвая памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, а таксама павялічыць дапамогу па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да трох гадоў да 35-40% ад сярэдняга заробку па рэспубліцы, перадае ІА REGNUM.

З 1 лютага 2011 памер штомесячнай дапамогі па доглядзе за дзіцём складае 296 870 рублёў ($96). "Павелічэнне памера гэтай дапамогі да бюджэта пражытковага мінімума ў сярэднім на душу насельніцтва — вельмі добрае дасягненне", — заявіла Марова.

Яшчэ пра адно сацыяльнае "дасягненне" ўчора паведаміла намстаршыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама Наталля Праскурава. Яна заявіла пра тое, што ў Мінску адменены бясплатны праезд для шматдзетных жанчын, узнагароджаных ордэнам маці, калі яны не адносяцца да катэгорыі ветэранаў, пенсіянераў, інвалідаў і дзяцей.