Датэрміновыя парламенцкія выбары ў Польшчы адбудуцца 30 верасня

Пра гэта са спасылкай на газету Nasz Dziennik паведамляе агенцтва AFN. Па звестках выдання, 22 жніўня, адразу па завяршэнні парламенцкіх вакацый на першым пасяджэнні Сейма будзе прынята рашэнне аб самароспуску. У той жа дзень прэм’ер-міністр Польшчы Яраслаў Качынскі аб’явіць аб правядзенні датэрміновых выбараў 30 верасня.

Газета сцвярджае, што падобны план дзеянняў быў распрацаваны правячай партыяй “Права і справядлівасць”, якую ўзначальвае Качынскі.

Мяркуецца, што ўжо ў гэтую пятніцу прэм’ер выступіць са спецыяльным зваротам па радыё і тэлебачанні.

Ён раскрые дэталі гэтага плана і аб’явіць пра немагчымасць далейшага існавання кааліцыйнага ўрада.