Давыдзька ацаніў тэлебачанне "свежым вокам"

Старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька даў першыя ацэнкі свайму ведамству і акрэсліў ягоныя перспектывы. Збіраючыся на новую службу, ён паглядзеў Першы тэлеканал і "Лад" і "адразу пабачыў цэлы шэраг недахопаў", паведамляе БЕЛТА.

Выступаючы сёння перад кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі, Давыдзька паставіў задачу зрабіць "усе нашыя каналы на ўзроўні еўрапейскіх, сусветных каналаў".

Сам ён прадбачыць цяжкасці на гэтым шляху, параўнаўшы сваё прызначэнне з "выхадам на перадавую".

Пераемнік Зімоўскага заклікаў калег аб'яднаць намаганні, каб брэнды беларускага тэлебачання ўвайшлі ў падсвядомасць людзей як нешта якаснае, годнае і неабходнае ў паўсядзённым жыцці.