Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі — 19 гадоў

19 гадоў таму, 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.
Дэкларацыя абвясціла поўны дзяржаўны суверэнітэт Беларусі як вяршэнства, самастойнасць і поўнасць дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцтва яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў вонкавых адносінах.

Яшчэ праз год, 25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі зробленыя змены і дадаткі ў Канстытуцыю БССР 1978 года.

Як нагадвае БелаПАН, ад 1991 па 1996 гады галоўнае нацыянальнае свята Беларусі — Дзень незалежнасці — адзначалася 27 ліпеня і было прымеркавана да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнка падчас рэспубліканскага рэферэндуму 1996 гады было прынята рашэнне святкаваць Дзень незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР стала "першым крокам у станаўленні Беларусі як незалежнай дзяржавы і адраджэнні тысячагадовай беларускай дзяржаўнасці", адзначае дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Алег Трусаў.


Фота — vedruss.info