Дэлегацыя УЕФА дапаможа падрыхтаваць мінскі стадыён "Дынама" да матчаў ЛЧ

Дэлегацыя УЕФА прыедзе ў Мінск 12 верасня. Яна мусіць дапамагчы ў падрыхтоўцы стадыёна "Дынама" да матчаў Лігі чэмпіёнаў. Нагадаем, БАТЭ ўжо 30 верасня прымае на "Дынама" турынскі "Ювентус", 5 лістапада пройдзе гульня з піцерскім "Зенітам", а 25 лістапада - з мадрыдскім "Рэалам". 
Вось што Еўрарадыё паведамілі ў футбольным клубе БАТЭ:

"Дэлегацыя УЕФА прыязджае для дапамогі, каб гэты стадыён быў не тое што прыняты, а каб быў падрыхтаваны да гэтых матчаў. Гэта ўжо фармальнасць".

Нагадаем, прадстаўнік УЕФА наведваў стадыён "Дынама" яшчэ ў жніўні і акрэсліў "фронт работ": устаноўка дадатковай платформы для тэлевізійных камер, новых варот, стварэнне VIP-рэстарану і нават устаноўка дадатковых унітазаў у раздзявальнях.

Тым часам у Брэсце не губляюць надзеі, што матчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў могуць правесці на футбольным газоне спарткомплекса "Брэсцкі". Аднак у Беларускай федэрацыі футбола кажуць, што для гэтага стадыён мусіць мець 3-ю катэгорыі, а брэсцкі яе не мае. Тым больш і ў ФК БАТЭ ўжо вызначыліся з "Дынама": "У Брэст дакладна мы не паедзем".

Калі пачнецца продаж білетаў на матчы БАТЭ, пакуль невядома.