Дэмограф: Беларусь выратуюць толькі 2 мільёны імігрантаў

Колькасць насельніцтва Беларусі ў бліжэйшыя гады будзе змяншацца. Такі прагноз даў кіраўнік даследчай групы па дынаміцы і прагназаванні колькасці насельніцтва Венскага інстытута дэмаграфіі Аўстрыйскай акадэміі навук Сяргей Шчэрбаў. Па ягоных словах, гэты працэс немагчыма спыніць пры цяперашнім узроўні нараджальнасці і смяротнасці, Уплывае на гэты працэс і ўзроставая структура насельніцтва: у Беларусі расце доля пажылых людзей. Пакуль што доля працаздольнага насельніцтва краіны складае 62,7%, аднак неўзабаве прырост асобаў працаздольнага веку зменіцца змяншэннем.

Праблема спаду нараджальнасці можа вырашыцца толькі праз прыцягненне ў краіну мігрантаў, лічыць С.Шчэрбаў. Каб насельніцтва Беларусі стабілізавалася, неабходна да 2050 гады прыцягнуць у краіну каля 2 млн імігрантаў разам з дзецьмі (гэта значыць, больш за 20% насельніцтва) пры ўмове, што з нашай краіны не будуць эміграваць.

БелаПАН