Depeche Mode апублікавалі трэкліст новага альбома

Брытанскі гурт Depeche Mode апублікаваў трэкліст свайго будучага альбома "Sounds Of The Universe". На кружэлку патрапяць 13 песень, напісаныя як асноўным аўтарам калектыва Марцінам Горам, так і Дэйвам Гэйханам. Такім чынам, вакаліст Depeche Mode, які раней напісаў шэраг песень да альбома "Playing The Angel" і выпусціў дзве сольныя кружэлкі, канчаткова замацаваў за сабой статус другога паўнапраўнага аўтара гурта.

Альбом "Sounds Of The Universe", 12-ы студыйны альбом Depeche Mode, выйдзе на лэйбле Mute 20 красавіка. Першым сінглам з альбома стане кампазіцыя "Wrong". Яе выхад запланаваны на 6 красавіка. Прадзюсарам альбома выступіў Бэн Хілер, які таксама працаваў над папярэдняй пласцінкай Depeche Mode і супрацоўнічаў з Blur, Elbow і Doves.

У траўні Depeche Mode адправяцца ў сусветнае турнэ ў падтрымку новага альбома.

Фота: www.mashable.com