Дэпутат Карпенка: Еўрапарламентарыі "заганяюць сябе ў тупік"
Еўрапарламент пайшоў на повадзе ў асобных ангажаваных палітыкаў, адхіліўшы парламент Беларусі ад удзелу ў ЕЎРАНЕСТ.
Такое меркаванне выказаў БЕЛТА старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Ігар Карпенка, каментуючы інфармацыю аб скліканні ў сакавіку першага пасяджэння ЕЎРАНЕСТ без удзелу беларускай дэлегацыі.
Ён перакананы, што еўрапарламентарыі "скарысталіся сітуацыяй, якая ўзнікла пасля падзеяў 19 снежня". На яго думку, сваімі апошнімі заявамі і рашэннямі датычна Беларусі еўрапарламентарыі "заганяюць сябе ў тупік".
Выснова аб "тупіку" нагадвае савецкі анекдот. Генеральны сакратар КПСС Леанід Брэжнеў з характэрнымі паўзамі чытае па паперцы з трыбуны з'езда: "капіталістаў стаяць на краі прорвы... і глядзяць, што мы там робім".