Дэпутат Пінскага райсавета эксплуатаваў падначаленых

У Пінску разгарэўся скандал з дэпутатам раённага савета, галоўным лекарам Пінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Пракуратура раёна пачала на яго крымінальную справу. Лекара вінавацяць у злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, паведамляе "Ежедневник".

Падрабязнасці справы пакуль не выдаюцца, але ўжо вядома, што галоўлекар ЦГЭ з красавіка 2007-га па верасень 2009 года даваў указанні залежным ад яго па службе асобам на правядзенне прац па будаўніцтве асабістага жылога дома, размешчанага ў Пінскім раёне.

Такое абвінавачванне лекарам у Беларусі яшчэ не выстаўлялася, таму скандал адразу ж выклікаў у Пінску бурлівае абмеркаванне. У прыватнасці, некаторыя мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што адпрацоўвалі на будаўніцтве дома не толькі падпарадкаваныя. Кажуць, што свой унёсак у добраўпарадкаванне сямейнага гнязда ўносілі і прадпрымальнікі, якія залежаць ад стаўлення да іх цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Зрэшты, эпізоды з прадпрымальнікамі ў справе пакуль не праходзяць. Гэтыя звесткі яшчэ мае праверыць следства.