Дэпутаты ўзялі адпачынак зімой, каб летам працаваць!
Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, чым займаюцца дэпутаты парламента сёння, калі ніякай сесіі няма. Бо заробак за імі захаваўся
Спачатку мы паспрабавалі адшукаць сталічных дэпутатаў па тэлефонах, пазначаных на сайце Палаты прадстаўнікоў. Па гэтых жа тэлефонах, зразумела, да іх павінны звяртацца выбаршчыкі. На жаль, датэлефанавацца атрымалася толькі да Генадзя Давыдзькі, які распавёў, што працуе зараз над адменай асабістых нумароў у пашпартах і адкрыццём новага тэлеканала Саюзнай дзяржавы “ТРА Саюза”. Вельмі сур’ёзныя пытанні!
Нечакана мы даведаліся ад дэпутатаў, што ўлетку — самая цяжкая праца! Вось дэпутат з Магілёва Аляксандр Юшкевіч нават у адпачынак схадзіў зімой, бо ведаў, што летам будзе шмат працы.
"Я зараз у акрузе. Але ў дэпутатаў няма канікул. Межсесіённы перыяд — ён больш складаны, чым сесійны. Бо тут ідзе напрацоўка тых законапраектаў, якія будуць прымаць падчас сесіі. А свой адпачынак я правёў у студзені. Бо ведаў, што летам будзе шмат пытанняў".
Дэпутат прывёў прыклад канкрэтнай дапамогі грамадзянам:
"Прыходзілі бацькі, у якіх сын у месцах заключэння. І яму мала ўвагі надаюць у медабслугоўванні. Вось мы разам з бацькамі ў дэпартамент накіравалі ліст — і яны адрэагавалі і пасля суда прапанавалі яму лячэнне ў рэспубліканскай бальніцы".
Паводле слоў дэпутата, да яго зараз звяртаюцца па пытаннях працаўладкавання, жылля, правядзення каналізацыі, рамонта дарог, цяпер шмат зваротаў па трухляваму жыллю, якое зносіцца ў Магілёве. Запісацца на прыём можа кожны.
Аляксандр Юшкевіч: "Няма ніякай фільтрацыі. Хто хоча, той да мяне і прыходзіць. Калі пытанне не вырашаецца, то я прашу сваіх выбарцаў, каб яны яшчэ раз да мяне прыходзілі".
Дэпутат Уладзімір Васіленка быў такі заняты, што папрасіў патэлефанаваць праз тыдзень: якраз у гэты момант ён быў ў Мінску на паседжанні камісіі і дапрацоўваў закон аб надзвычайны сітуацыях.
Дэпутата Уладзіміра Скавародку з Міёраў мы заспелі проста пасярод поля на… сустрэчы з людзьмі.
Уладзімір Скавародка: "Я вось стаю на ўскрайку поля з народам. Сустрэўся з людзьмі, распавядаюць пра свае праблемы. Вось праблема з нарыхтоўкай кармоў. Просім СПК аказаць дапамогу старым людзям, ветэранам".
У адпачынак Уладзімір Скавародка збіраецца ў жніўні.
"Я заяву напісаў з 17 жніўня ў адпачынак. Ну, я па жыцці рыбак — у грыбы схадзіць, дома з унукамі, на рыбалачку схадзіць. Ну, і, можа, дзён на 12 косці ў санаторый пакласці, вадзічкі мінеральнай папіць".
Парламентарый з Лідскай выбарчай акругі Тамара Клябан змясціла тры месяцы да кастрычніка ў тры пункты.
Тамара Клябан: "Па-першае, я зараз у сваім улюбёным горадзе Ліда, па-другое, раблю невялічкі рамонт у кватэры, а па-трэцяе, збіраюся адпачыць на міжземным моры".
Але потым спахапілася і дадала, што ў якасці дэпутата паспела паўдзельнічаць у адкрыцці новай вытворчай лініі на лідскім прадпрыемстве "Лакафарба", раздаць там частку падатковага кодэксу, які разглядаецца ў парламенце. І цяпер чакае, што людзі звернуцца да яе, каб змяніць ці ўдакладніць што-небудзь.
А вось чым займаецца дэпутат па Слуцкай акрузе, дзе сёння праблемы з гарачай вадой? Еўрарадыё адшукала мясцовага дэпутата Інэсу Кляшчук, якая параіла выбаршчыкам… пацярпець.
Інэса Кляшчук: "Шмат зваротаў з гэтай нагоды. Проста бюджэт мясцовы ў кепскім становішчы, ваду пускаюць на выходныя і ў будныя пасля 17-ці, па-мойму. Але пакуль трэба пацярпець. Такая праблема была з савецкіх часоў. Але проста было пару год добра, дык людзі прывыклі. А цяпер зноў нязвыкла. Ну, складана. А што рабіць, калі грошай няма? Хай пацерпяць".
Дэпутатка распавяла, як дапамагла сіраце, якая скончыла універсітэт у Мінску і яе размеркавалі не ў родны горад, хаця ў Слуцку засталася хворая бабуля. Мы ёй знайшлі працу тут, і яе размеркавалі ў Слуцк, — кажа Інэса Кляшчук.
Дарэчы, летні заробак дэпутата парламента не адрозніваецца ад звычайнага і складае прыблізна 1000 долараў.
Фота: www.maz.by
Фота: www.maz.by