"Детидетей" выдаюць "Отличный" альбом

3 красавіка ў клубе імя Дзяржынскага адбудзецца вялікі канцэрт-прэзентацыя новага альбома гурта "Детидетей" "От ЛИЧНО".  Мы паразмаўлялі з гітарыстам калектыву Міхаілам Зуем, які распавёў, што наведвальнікаў канцэрту чакае шмат цікавостак і нечаканасцяў. Маўляў, "гэта ж свята для музыкаў, а таму яго трэба зрабіць святам і для слухачоў".

На жаль, больш дакладна Міша адмовіўся расказваць, але паабяцаў, што сюрпрызы здзівяць нават сталых наведвальнікаў канцэртаў.

Што датычыць музычнага матэрыялу альбома, то Міхаіл не здолеў назваць агульнай стылістыкі. Бо кожная песня ў новым стылі, "ёсць і рокавыя, і балады, і нешта падобнае на акустычную Аўрыл Лавін, нават басанова ёсць. А калі ўвогуле, то другі альбом атрымаўся больш радасным, чым дэбютны".

Цікава і тое, што зараз у рэпертуары "Детидетей" каля 60 песень, а таму матэрыялу хапае не толькі на 3-і, але і на 4-ы альбом.

Міша прызнаўся, што жаданне адразу ж пачаць запісваць наступны дыск ёсць: "Нягледзячы на тое, што больш салідна выдаваць дыск у год-два".

Дадам, што зараз на партале TUT.BY і на афіцыйным сайце гурта можна запампаваць і паслухаць новую кампазіцыю "Оса".