Дэвід Духоўны лечыцца ад сэксагалізма

Амерыканскі акцёр Дэвід Духоўны лёг у клініку, каб прайсці курс рэабілітацыі ад сэксуальнай залежнасці. 48-гадовы акцёр заявіў, што рашэнне пачаць лячэнне ён прыняў добраахвотна. У звароце, які цытуе агенства Reuters, ён просіць усіх паважаць яго асабістае жыццё і асабістае жыццё яго жонкі і дзяцей, пакуль яны ўсё разам спрабуюць перамагчы гэтую праблему.

Нагадаем, што Дэвід Духоўны атрымаў папулярнасць дзякуючы серыялу "Сакрэтныя матэрыялы", дзе ён выканаў ролю агента ФБР Фокса Малдэра.

Зараз акцёр заняты ў серыяле Californication, дзе выконвае ролю пісменніка-плэйбоя, за якую ў 2007 годзе ён атрымаў Залаты глобус.

Дэвід жанаты на актрысе Тэа Леоні, у яго двое дзяцей: 9-гадовая дачка і 6-гадовы сын.

Адзначым, што факт існавання такой хваробы, як сэксуальная залежнасць, або "сэксагалізм", шматлікімі медыкамі ставіцца пад сумненне.

Аднак, шэраг спецыялістаў вылучае такія асаблівасці паталагічнай залежнасці ад сэксу: выпадковыя палавыя сувязі з малазнаёмымі і з незнаёмымі партнёрамі, захапленне парнаграфіяй, паслугамі прастытутак, выкарыстанне тэлефонных сэкс-службаў і г.д. Але важным фактарам з'яўляецца не колькасць партнёраў, а немагчымасць кантраляваць свае сэксуальныя жаданні, што прыводзіць да праблемаў сацыяльнага плану.

Фота: www.myspace.com