Die Presse: Палова Ўкраіны засумняваецца у выніках выбараў

Еўрапейская прэса называе ўкраінскія выбары правалам “Аранжавай рэвалюцыі” і непакоіцца за пастаўкі расійскага паліва Разрыў паміж Януковічам і Цімашэнкай складае крыху больш за 2%. Засталося апрацаваць яшчэ 5% бюлетэняў, але і ўкраінская, і еўрапейская прэса ўжо назвалі новым прэзідэнтам Украіны Віктара Януковіча

Аранжавая рэвалюцыя скончылася. Менавіта такую выснову робяць з вынікаў другога тура прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне еўрапейскія СМІ.

“Усяго за некалькі гадоў надзеі на хуткую дэмакратызацыю постсавецкай прасторы, што ўзніклі пасля “каляровых” рэвалюцый, пацярпелі фіяска”, — піша аглядальнік "El País" Хасэ Ігнасія Тарабланка.

Як піша ў свежым нумары брытанская “The Times”, больш за новага прэзідэнта, “цесна звязанага з Масквой”, Еўропа баіцца “палітычнай канфрантацыі на вуліцах”, якая можа прывесці да перабояў з пастаўкамі расійскага паліва.

“Перавага Януковіча над Цімашэнкай, па звестках некаторых апытанняў на выхадзе з участкаў, складае ўсяго 3%, а гэта ўтварае глебу для патэнцыяльнага аспрэчвання вынікаў выбараў у судах, а таксама на вуліцах, калі штаб Цімашэнкі выступіць з абвінавачваннямі ў масавых фальсіфікацыях”, — піша “The Times”.

Цяпер, калі розніца паміж Януковічам і Цімашэнкай складае ўсяго 2%, сцэнар, які апісала брытанская газета, робіцца яшчэ больш верагодным. Нездарма “Газпрам” таксама хвалюецца за транзіт нафты праз Украіну. Газета “Україньска правда” піша, што Масква ўжо своеасабліва папярэдзіла новага прэзідэнта, хто б ім ні стаў:

“Калі Расіі прапануюць перагледзець дамовы, украінскаму ўраду будзе прад’яўлены рахунак за ўвесь газ “RosUkrEnergo” па сярэднееўрапейскіх коштах”, — сцвярджае суразмоўца газеты. Кошт пытання – 3,5 мільярды долараў.

Погляд на сітуацыю аўстрыйскай газеты “Die Presse” больш прагматычны. Расчараваны ў “Аранжавай рэвалюцыі”, “…народ не гатовы выйсці на вуліцы нават за любімага кандыдата, — распавядае аўтар артыкула Эдуард Штайнер. – Праца будучых дэманстрантаў аплачваецца. Абодва бакі стварылі юрыдычныя групы, каб на сваю карысць вырашыць пытанне пра законнасць ці незаконнасць галасавання. Аднак, хто б ні заняў прэзідэнцкае крэсла, палова краіны паставіць законнасць выбараў пад сумнеў”.

Тым часам найбольш прагрэсіўныя сілы Ўкраіны ўжо прыстасоўваюцца да новай палітычнай рэчаіснасці. Прынамсі, Віталь Клічко ў эфіры тэлеканала “1+1” заявіў, што яго Блок ужо рыхтуецца да датэрміновых выбараў у Вярхоўную Раду. На пытанне пра тое, з кім бы спадар Клічко мог аб’яднацца ў барацьбе за месцы ў парламенце, ён адказаў, што толькі “з новымі палітычнымі сіламі і новымі палітычнымі асобамі”.

Каго меў на ўвазе былы баксёр? Цалкам магчыма, што не толькі каманду Віктара Януковіча, якога ў еўрапейскай прэсе называюць палітыкам, “цудам ацалелым пасля палітычнага краху”, і параўноўваюць з феніксам, які пасля “Аранжавай рэвалюцыі” адрадзіўся з попелу. Украінская прэса піша пра феномен Сяргея Цігіпкі – кандыдата ў прэзідэнты, які “ўсіх прымусіў да пашаны”, набраўшы ў першым туры блізу 13% галасоў. Цяпер прыхільнік эканамічных рэформаў і далейшай дэмакратызацыі Ўкраіны нацэліўся на крэсла прэм’ер-міністра.

Пакуль украінскі ЦВК правярае апошнія 5% бюлетэняў, у штабе Віктара Януковіча святкуюць перамогу. Сайт “Сегодня.ua” піша, што каманда прарасійскага кандыдата “традыцыйна сабралася ў гатэлі “Інтэркантыненталь”. “Прыкладна з 18:00 [7 лютага – заўв. Еўрарадыё] прысутныя пачалі гадаць, якімі будуць вынікі экзіт-полаў. Нардэп Віталь Хамутынік зладзіў “таталізатар”. Тыя, хто жадаў удзельнічаць, выкладалі па 100 долараў і рабілі стаўкі”. Паступова, нібыта паказваючы, каго яны лічаць новым прэзідэнтам Украіны, у “Інтэркантыненталь” прыходзілі вядучыя прадпрымальнікі краіны. З’явіўся там і самы багаты чалавек Украіны, Рынат Ахметаў.

Прэс-цэнтр Юліі Цімашэнка змясціўся ў іншым кіеўскім гатэлі – “Хайят”. Натуральна, там не было і прыкметы свята. Цімашэнка заклікала сваіх прыхільнікаў “на месцах” змагацца за кожны бюлетэнь і рашуча заявіла, што “вынікі выбараў знаходзяцца ў межах статыстычнай памылкі”. Што не пакідае і ценю сумневаў у тым, што 8 лютага прэзідэнцкая кампанія ва Ўкраіне не скончыцца.