Для назіральнай рады "Белсату" звальненне Рамашэўскай стала навіной

Рашэнне аб звальненні кіраўніцы польскага тэлеканала "Белсат" Агнешкі Рамашэўскай не ўзгаднялася з беларускай назіральнай радай "Белсату". Як паведаміў БелаПАН, кіраўнік рады Генадзь Бураўкін не ведае падрабязнасцяў звальнення Рамашэўскай. Сябра назіральнай рады былая тэлевядоўца Зінаіда Бандарэнка таксама не змагла пракаментаваць звальненне Рамашэўскай, бо нічога не ведала. Яна выказала асцярогу, што ў сувязі з гэтым рашэннем могуць змяніцца ўмовы працы тэлеканала, і наогул "Белсат" можа знікнуць.

Нагадаем, што беларуская назіральная рада пры "Белсаце" была створаная ў 2008 годзе. У яе ўвайшлі такія вядомыя людзі, як рэжысёры Юры Хашчавацкі і Ўладзімір Колас, паэт Міхал Анемпадыстаў, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі ды іншыя.