Для скуралупаў у Беларусі ўводзяць крымінальную адказнасць

Паводле гэтага артыкула, жорсткае абыходжанне з жывёламі, якое пацягнула іх смерць ці калецтва, учыненае з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненняў ці ў прысутнасці заведама малалетняга будзе карацца грамадзкімі працамі, штрафам ці выпраўленчымі працамі на тэрмін да аднаго году альбо арыштам. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна ці групай асобаў, будуць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін да году.

Раней прыцягнуць скуралупаў да адказнасці можна было толькі паводле адміністратыўнага кодэксу. Ён, дарэчы, таксама працягвае дзейнічаць. Прымяняць артыкул 15.45 адміністратыўнага кодэксу будуць у менш цяжкіх выпадках. Але і тут прадугледжаныя прагрэсіўныя змены.

Дагэтуль пратаколы паводле адміністратыўных правапарушэнняў па гэтым артыкуле магла складаць толькі мясцовая адміністрацыя. Гэта, на думку абаронцаў правоў жывёлаў, значна замаруджвала яго прымяненне.

Цяпер такое права мае і міліцыя, таму прыцягнуць да адказнасці за жорсткасць з жывёламі будзе значна прасцей, інфармуе Радыё Свабода.

Увядзенне крымінальнай адказнасці  для скуралупаў стала вынікам актыўнай працы з боку грамадзянскай супольнасці. Абаронцы жывёл шмат разоў звярталіся ў розныя інстанцыі — у пракуратуру, Міністэрства ўнутраных справаў, Адміністрацыю прэзідэнта. Актывісты пісалі заявы, хадзілі на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Дзякуючы гэтым высілкам яны дасягнулі пастаўленай мэты.