Для затрыманых на акцыях пратэсту ужо няма месцаў?
Некаторых людзей, якіх 19 снежня затрымалі падчас акцыяў пратэсту, дагэтуль трымаюць без ежы. Па словах аднаго з затрыманых, у судзе не паспелі падрыхтаваць дакументы.
20 снежня затрыманых асудзілі на 12 сутак, але на Акрэсціна не хапае месцаў. Усю гэтую ноч каля 30 чалавек правялі ў аўтазаку. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адзін з асуджаных Сяргей.
Сяргей: “У суд нас вазілі адзін раз. Не падрыхтавалі ўсе дакументы, наколькі я разумею. Цяпер мы боўтаемся без справы незразумела з якім статусам, нас нікуды не размеркавалі. Мы трэці дзень без ежы, спалі толькі палову адной ночы”.
Цяпер асуджаныя знаходзяцца ў спецпрыёмніку на вул. Акрэсціна. Пакуль іх няма куды размяркоўваць, кажуць асуджаныя.