Домрачава і Грышын — лепшыя спартсмены Беларусі 2010 года

24-гадовая біятланістка Дар'я Домрачава і 31-гадовы фрыстайліст Аляксей Грышын сталі лепшымі спартсменамі Беларусі 2010 года па выніках апытання БелаПАН.

У апытанні ўзяло ўдзел 100 журналістаў, якія асвятляюць спорт, з 45 сродкаў масавай інфармацыі, арганізацый і ўстаноў.

У 2010 годзе на зімовай Алімпіядзе ў канадскім Ванкуверы Домрачава заваявала бронзавы медаль у індывідуальнай гонцы на 15 км, а на этапах Кубка свету сем разоў уваходзіла ў тройку мацнейшых.

Грышын стаў першым сярод беларускіх спартсменаў уладальнікам залатога медаля Белай Алімпіяды за час выступлення самастойнай камандай і другім за ўсю гісторыю іх удзелу ў ЗАГ.

Другое месца ў жанчын заняла 27-гадовая баскетбалістка зборнай Беларусі Алена Леўчанка, прызнаная лепшай цэнтравой апошняга чэмпіянату свету. На трэцяй пазіцыі — 38-гадовая Кацярына Карстэн, якая выйграла чэмпіянат Еўропы і заваявала "срэбра" на чэмпіянаце свету па акадэмічным веславанні.

У мужчын другім стаў 31-гадовы біятланіст Сяргей Новікаў — сярэбраны прызёр АГ-2010 у індывідуальнай гонцы на 20 км. Трэцяе месца ў 42-гадовага чэмпіёна свету-2010 па кулявой стральбе, уладальніка ліцэнзіі на летнія Алімпійскія гульні 2012 года ў Лондане Сяргея Мартынава.