Двое пінчукоў незаконна высеклі 200 елак

У Пінскім раёне ў двух мясцовых жыхароў канфіскавана больш за 200 незаконна высечаных елак.
Як паведамілі ў групе па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Пінскага РАУС, увечары 14 снежня на аўтадарозе Кобрын — Гомель непадалёк ад вёскі Любель-Поль супрацоўнікі ДАІ затрымалі дзве аўтамашыны: "Форд-Арыён" з прычэпам, якім кіраваў 24-гадовы пінчук, і "Форд-Скорпіё" з прычэпам, за рулём якога знаходзіўся 25-гадовы жыхар райцэнтра.

Яны перавозілі 223 елкі (вышынёй 180 см) без дакументаў. Елкі былі высечаныя без дазвольных дакументаў, паводле папярэдніх звестак, на тэрыторыі Пінскага і Лунінецкага раёнаў і прызначаліся для рэалізацыі ў Пінску.

Праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленні дачынення пінчукоў да незаконнага высякання ялін, што, у сваю чаргу, не выключае адкрыцця на іх крымінальнай справы.

БелаПАН