Двое жыхароў Мазыра “скралі” Інтэрнэта на Br20 млн.

Двое 19-гадовых жыхароў Мазыра на працягу паўгоддзя мелі бясплатны доступ у Інтэрнэт, узламаўшы паролі каля 100 законных карыстальнікаў сусветнага сеціва па ўсёй Беларусі. Абодва хлопцы з'яўляюцца навучэнцамі прафесійна-тэхнічных вучэльняў. Выкарыстаючы праграмнае забеспячэнне, яны абыходзілі сістэму абароны, а пасля, атрымаўшы доступ да базы лагінаў і пароляў, бясплатна карысталіся Інтэрнэтам. Тэлеканал СТВ паведамляе, што ў выніку гэтых дзеянняў пацярпелі каля 100 карыстальнікаў сусветнага сеціва з розных рэгіёнаў краіны. Правайдэру Інтэрнэт-паслуг была нанесеная шкода ў памеры Br20 млн.

У дачыненні маладых людзей распачатая крымінальная справа па артыкуле “Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі”. Па фактах справы праводзіцца расследаванне.