Двух мінскіх дыджэяў арыштавалі за збыт наркотыкаў

У мінулыя выходныя мінскія міліцыянты затрымалі двух сталічных дыджэяў па падазрэнні ў рэалізацыі псіхатропных рэчываў. У іх дома канфіскавалі больш за 350 таблетак экстазі. 32-гадовы і 28-гадовы мінчукі — даволі вядомыя і папулярныя дыджэі ў дыскатэчным асяроддзі. Іх імёны ў інтарэсах следства пакуль не абвяшчаюцца. Міліцыянты кажуць, што далей распрацоўваюць злачынны ланцужок.

Як адзначыў у каментары Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі, продаж наркотыкаў працягваўся значны час:

Ластоўскі: Можна падазраваць, што гэта не аднаразовая акцыя, і гандлявалі яны рэгулярна. Наконт працягласці па часе - на гэтае пытанне адкажа следства. На дадзены момант гэта невядома.

Паводле звестак следства, у кожнага з затрыманых былі свае сталыя спажыўцы, у тым ліку і сярод кліентаў забаўляльных установаў. Таблеткі прадаваліся па кошце ад 10 даляраў за штуку.