Дырэктар "Белсата": Беларусь не спяшаецца скасоўваць "спісы неўязных"

Дырэктару тэлеканала "Белсат" Агнешцы Рамашэўскай без тлумачэння адмовілі ў беларускай візе. Яна збіралася прыехаць у Мінск 4 лістапада па запрашэнні арганізатараў XII Мінскага форума.
"Цяпер такая сітуацыя. Беларускія ўлады намагаюцца адмены візавых санкцый для прадстаўнікоў свайго рэжыму. Ярмошына хацела б выязджаць. Разумею, што яна хацела б выязджаць. Але мяркую, што еўрапейскія краіны павінны падымаць пытанне, чаму мы не можам прыязджаць. Бо гэта не нармальна", — адзначыла Рамашэўская ў размове з Еўрарадыё.

Дырэктар “Белсата” адзначыла, што не ведае, ці адмовілі ў беларускай візе на Мінскі форум іншым еўрапейскім палітыкам і грамадскім дзеячам.

Але яна ўпэўненая, што існуе шэраг польскіх дзеячаў, якія маюць відавочную забарону на ўезд у Беларусь — напрыклад, старшыня падляскага аддзела таварыства “Wspólnota Polska” Мар'я Жэшка, палітык Міхал Дворчык, старшыня Ўсходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтру Павел Казанэцкі.