“Дываны Брэста” папросяць дзяржаву аб банкруцтве
Такое рашэнне прыняў 17 лютага сход акцыянераў.
Рашэнне прынялі нягледзячы на тое, што большасць з 30 дэлегатаў прагаласавала супраць звароту ў гаспадарчы суд Брэсцкай вобласці аб аб’яўленні прадпрыемства немаёмным. Больш за 99% акцый ААТ “Дываны Брэста” належаць дзяржаве, а пры галасаванні ўлічвалася, колькі акцый мае кожны голас.
Банкруцтва ініцыяваў канцэрн “Беллегпрам”, куды ўваходзяць “Дываны Брэста”. Прадстаўніца канцэрна Таццяна Саўчанка кажа, што на мадэрнізацыю “Дываноў Брэста” пайшлі вялікія грошы, але выніку няма. Цяпер у прадпрыемства толькі банкаўскіх запазычанасцяў па крэдытах набралася на 87 мільярдаў рублёў. На складзе ляжыць трохмесячны запас прадукцыі.
Гаспадарчы суд можа прыняць рашэнне аб ліквідацыі або санацыі прадпрыемства-банкрута. Акцыянеры “Дываноў Брэста” спадзяюцца на апошняе. У такім выпадку на прадпрыемства прызначаць знешняга антыкрызіснага ўпраўляючага і адтэрмінуюць выплату пазык.
Фота — bk-brest.by