Дыяна Арбеніна адзначыць 36-ты Дзень нараджэння у Мінску

Ужо шмат гадоў спявачка адзначае Дзень нараджэння канцэртамі на розных расійскіх пляцоўках. Сёлета гурт "Ночные Снайперы" распачынае новую традыцыю — 7-га ліпеня ў мінскім клубе "Рэактар" адбудзецца эксклюзіўны канцэрт, прысвечаны важнай даце ў жыцці спявачкі. Мінулы год і Дзень нараджэння-2009 Дыяны Арбенінай сталі пераломнымі ў яе жыцці. Сваё 35-годдзе яна сустрэла монаспектаклем "Мотофозо" — сцэнічным дыялогам з самой сабой на фоне песень, рэжысёрам якога выступіла Ніна Чусава. "Мотофозо" быў адкрыццём не толькі для гледачоў. Гэтым спектаклем Дыяна паспрабавала ўсвядоміць і асэнсаваць сваё жыццё. Апагеем гэтага асэнсавання стала з’яўленне на свет дваіх дзяцей Дыяны.


Сваё 36-годдзе спявачка сустракае ў іншым статусе і настроі. Канцэрт 7-га ліпеня будзе незвычайным. Ён пройдзе не толькі на новай для гурта сцэне, але і ў новым жыцці.
 
Дыяна Арбеніна: "Па шчырасці, я даўно марыла сыграць канцэрт у свой Дзень нараджэння на Радзіме. І тое, што сёлета гэта нарэшце мае адбыцца, мяне вельмі натхняе. Мы 2 гады не выступалі ў Мінску і вельмі засумавалі. Я вельмі чакаю гэтай імпрэзы".