Дзе адпачываюць беларусы гэтым летам?
Турцыя ды Егіпет людзям надакучылі, а Грэцыя набрала вялікую папулярнасць, бо з-за крызісу і падзення еўра там стала танней. Аднак спецыялісты адзначаюць, што сёлета меней беларусаў змогуць адпачыць за мяжой.
Гэтым летам крызіс у турыстычнай сферы яшчэ не скончыцца. Беларусы шукаюць варыянты адпачынку танней, кажа рэдактар газеты "Турызм і адпачынак" Лілія Кобзік.
"Плыні сыходзяць. Людзі чакаюць, што будзе танней. Нягледзячы на тое, што цяпер — пік сезона і кошты павінны расці. Але людзі чакаюць, што кошты стануць меней".
Тым часам Турцыя, якая шмат гадоў набірала абароты, пачала саступаць месца іншым накірункам. У першую чаргу — еўрапейскім.
"З'явілася шмат людзей, якія кажуць, што ім надакучылі Турцыя і Егіпет. Мы ім шукаем нешта іншае. У гэтым годзе добра пайшла Грэцыя, Балгарыя", — распавялі Еўрарадыё ў кампаніі "Алатан-Тур".
Нягледзячы на гэта, Турцыя пакуль застаецца самым масавым накірункам як найбольш бюджэтны варыянт. Адпачыць на дваіх там можна і за тысячу долараў.
"Самай масавай застаецца Турцыя. Штодзённыя вылеты з Мінска — і заўсёды поўныя самалёты. Сёлета ўпершыню будуць чартэры на Корсу і Сіцылію. Таму іх можна лічыць самымі прэстыжнымі накірункамі", — кажуць у "Ваяж Тур".
Аднак аператары адзначаюць, што колькасць ахвотных адпачыць у Турцыі знізілася, нягледзячы на тое, што лятаць туды стала танней. Турагенцтвы нават не былі гатовыя да такога зніжэння, таму ім давялося скарачаць колькасць рэйсаў.
Таксама сёлета сталі папулярнымі аўтобусныя туры ў Іспанію і Італію: яны танней за самалёт, і па дарозе можна паглядзець еўрапейскія гарады. А вось з-за падзення курсу еўра нядорага адпачываць стала ў Грэцыі, патлумачылі Еўрарадыё ў "Ваяж Тур".
Самыя ж дарагія варыянты адпачынку — у экзатычных краінах. Напрыклад, Кітай, Індыя і В’етнам абыдуцца ад 2 да 2,5 тысяч долараў на чалавека.
Дарэчы, патраціць на вакацыі беларусы ўжо не могуць столькі, колькі два гады таму, кажа Лілія Кобзік.
"Самым добрым годам лічыцца 2008 год. Тады маглі патраціць 1000 долараў на чалавека на адпачынак. Цяпер гэтая тысяча ўжо лічыцца ўдарам па бюджэце".
Спецыялісты ў турыстычным бізнесе адзначаюць, што ў гэтым годзе менш беларусаў паедзе за мяжу, бо шмат людзей сёлета не гатовыя выдаткаваць свабодныя грошы на вандроўку. Таксама паўплываў Мытны саюз. Беларусы пачалі купляць машыны і патрацілі сродкі, якія б маглі аддаць на адпачынак.