Дзе Алесь Міхалевіч?

Следчыя таксама не даюць інфармацыю.

Нагадаем, у следчы ізалятар на Валадарскага Міхалевіча перавялі з СІЗА КДБ 5 ці 6 студзеня. Пра тое, што мужа там няма, Мілана Міхалевіч даведалася выпадкова, калі спрабавала перадаць перадачу. Апошнім палітыка бачыў яго адвакат увечары 6 студзеня.

Сёння Мілана Міхалевіч разам з сястрой палітыка Аленай наведала СІЗА на Валадарскага. Яны спрабавалі атрымаць інфармацыю, дзе знаходзіцца Алесь ужо некалькі дзён. Аднак, як распавяла Мілана Міхалевіч у жывым эфіры Еўрарадыё, ёй адмовіліся даць інфармацыю пра гэта, але заяву, у якой яна просіць паведаміць, дзе знаходзіцца яе муж, прынялі. Праўда, папярэдзілі, што "гэта кампетэнцыя следства, а не начальніка СІЗА".

Мілана Міхалевіч з бюро прапускоў КДБ патэлефанавала следчаму, які вядзе справу. Паводле яе слоў, ён сказаў, што "мы звяртаемся не па адрасе, усе пытанні трэба вырашаць праз адваката". Адвакат тым часам паехаў у СІЗА на Валадарскага высвятляць сітуацыю, яго тэлефон пакуль не адказвае.

Іншы следчы, які займаецца справай, сказаў Мілане Міхалевіч, што не ведае, дзе Алесь, але "будзе шукаць".

"Я ўжо не ведаю, што думаць. У мяне было спадзяванне, што яго перавялі ў Жодзіна, але там сказалі, што яго ў іх няма", — сказала Мілана Міхалевіч у жывым эфіры Еўрарадыё.

фота: ale.by