“Дзень без аўтамабіля” можа быць стратным для Гомеля

Гомельскі гарвыканкам атрымаў ліст з Мінску з прапановай далучыцца да сталічнай ініцыятывы і правесці ў абласным цэнтры “Дзень без аўтамабіля”. 22 верасня ў Мінску ў гарадскім транспарце можна будзе праехаць бясплатна, паказаўшы пасведчанне кіроўцы. Такую ж акцыю могуць зладзіць і ў Гомелі. Тутэйшыя чыноўнікі ідэю падтрымліваюць. Але ж не выключана, што ў аўтобусах і тралейбусах у гэты дзень будуць бясплатна ездзіць людзі, якія даўно не маюць машыны.  А гэта можа пацягнуць за сабой немалыя страты.

Цяпер у аблвыканкам накіравалі прапанову аб дадатковым бюджэтным фінансаванні перавозак 22 верасня. Калі яна будзе прынятая, акцыя бясплатнага праезду для кіроўцаў пройдзе і ў Гомелі.