Джастын Тымберлэйк абпляваў прыхільнікаў

Поп-выканаўца Джастын Тымберлэйк трапіў у эпіцэнтр скандалу, які распаліўся падчас яго еўрапейскага турнэ ў шведскім горадзе Готэнбург. Справа ў тым, што перад канцэртам спявак вырашыў наведаць Hard Rock Cafe, аднак каля ўваходу ён сустрэў фаната, і той папрасіў Тымберлэйка распісацца ў нататніку. Зорка адмовілася даць аўтограф, што раззлавала прыхільніка і той нецэнзурна вылаяўся на Тымберлэйка. Каб пазбегнуць канфлікту, спявак паспяшаўся ў гатэль Elite Plaza.

Аднак гэта не спыніла настойлівага фэна, і той вырашыў даведацца, дзе жыве знакамітасць. Праз пэўны час пад вокнамі Тымберлэйка з’явіўся ўсё той жа прыхільнік з сябрамі, і кампанія пачала дражніць зорку. Тымберлэйк, раззлаваны такой увагай, выйшаў на балкон і пачаў кідаць у фэнаў розныя рэчы.

Паводле газеты Mirror, "спачатку з вакна паляцелі мячыкі для пін-понгу, затым вылецела пластыкавая бутэлька з вадой, клубніцы і іншая садавіна, пасля чаго ён пачаў плявацца". На наступны дзень ва ўсіх выданнях Швецыі з’явіліся фотакарткі раз’юшанага Тымберлэйка і апляваных фанатаў.

Па словах старэйшага работніка гатэлю Elite Plaza, "гэта былі самыя жудасныя эпізоды, якія даводзілася назіраць у гатэлі, дзе часта спыняюцца знакамітасці. Гэта было падобна на вар’яцтва. Яшчэ ніколі пад вокнамі гатэлю не было такой колькасці тэлевізійных камер і фатографаў".

Фота: forum.dgu.ru