Джокер больш не стане на шляху Бэтмэна

Рэжысёр Крыстафер Нолан пацвердзіў, што ў трэцім фільме пра Бэтмэна Джокера не будзе.  Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю часопісу Empire. Чуткі пра тое, што Джокера не будзе ў новым фільме хадзілі ўжо даўно. Гэта было звязана з нежаданнем Нолана замяняць аўстралійскага акцёра Хіта Лэджэра, які памёр у студзені 2008 года ў Нью-Ёрку. Дарэчы, за ролю Джокера ён быў уганараваны "Оскарам". Зараз Нолан канчаткова пацвердзіў гэтыя чуткі.

У наш час Дэвід Гоер і брат Крыстафера Нолана Джонатан працуюць над сцэнарыем новага фільма пра Бэтмэна. Папярэдняя дата выхаду стужкі - 20 чэрвеня 2012 года, але здымкі новай карціны пакуль не пачаліся.

Нагадаем, што папярэдні фільм Нолана "Цёмны рыцар" стаў самым касавым за 2008 год і сабраў у пракаце больш за мільярд долараў. Апроч Хіта Лэджэра, галоўныя ролі ў стужцы выканалі Крысціян Бэйл і Аарон Экхарт.

Фота: clothesmonaut.wordpress.com