Дзіця выхоўваць лепш у Беларусі, чым у Польшчы ці ЗША
Фінляндыя з'яўляецца найлепшай краінай свету для мацярынства. На другім і трэцім месцах знаходзяцца Швецыя і Нарвегія.
Пра гэта сведчыць даклад міжнароднай арганізацыі "Выратуйце дзяцей". Згодна з ім, найгоршай краінай па гэтым паказніку з'яўляецца Дэмакратычная Рэспубліка Конга.
Сусветная арганізацыя па абароне дзяцей у сваёй гадавой справаздачы параўноўвала ўмовы мацярынства ў 176 краінах свету. Пры вызначэнні самай бяспечнай краіны для мацярынства ўлічваліся такія фактары, як рызыка смяротнасці ад цяжарнасці ці родаў, працягласць жыцця дзяцей, узровень адукацыі дзяцей, узровень даходаў у краіне і палітычныя правы жанчын.
Беларусь у гэтым спісе абагнала практычна ўсіх сваіх суседзяў. Разам з Літвой Беларусь дзеліць у рэйтынгу 26-е месца. Польшча знаходзіцца на 28-м месцы, Латвія — на 38-м, Расія — на 59-м, а Украіна — на 74-м.
Дарэчы, Злучаныя Штаты Амерыкі ў спісе размешчаныя на 30-й пазіцыі.
На фота — фрагмент карціны Міхаіла Савіцкага "Партызанская мадонна"