Дзікі здратавалі 16 га збожжа

Амаль 16 гектараў збожжа панішчыў статак дзікоў у СВК імя Чарткова Івацэвіцкага раёну. Сябры камісіі райвыканкаму, якія прыехалі ацаніць страты, толькі ахнулі й рукамі разьвялі: велізарная плошча, дзе рос трыцікале, была ўся спляжаная.
— Склалася ўражаньне, што статак дзікоў на гэтым полі проста жыў, не сыходзячы ў лес! — з горыччу распавядае Вячаслаў Юрчык, галоўны аграном СВК. — Сёньня паляваньне ператварылася ў такую дарагую пацеху, што ніхто ня хоча браць у рукі стрэльбу. А арандатары лясных угодзьдзяў, да якіх прымыкаюць нашыя палі, і ўвогуле заявілі, што зьвера яшчэ мала, яго колькасьць трэба павялічваць. А як выратаваць ураджай? Поле, дзе напракудзіў дзік, мы ўзаралі, засеялі, цяпер са страхам чакаем нашэсьця зьвера на кукурузу.
Наша Ніва