Дзмітрыеў абвяргае "Контуры"
Кіраўнік штаба экс-кандыдата Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў абвяргае інфармацыю АНТ пра свае дарагія набыткі.
Як актывіст заявіў "Салідарнасці", у яго няма ні кватэры ў "элітным доме" за 200 тысяч долараў, ні ўчастка пад Мінскам, пра якія ўчора паведаміла праграма "Контуры".
У ліку пакупак Дзмітрыева за 2010 год узгадваліся таксама аўтамабілі "Таёта" 2005 года і "Лексус" 2006 года выпуску.
"Пабачыўшы сюжэт пра "мае" кватэры, машыны і зямельныя ўчасткі, я адразу ўзгадаў словы Шпака з неўміручай камедыі "Іван Васільевіч мяняе прафесію" — тры магнітафоны, тры кінакамеры замежныя, тры партсігары айчынныя, куртка замшавая... Тры курткі... І чаму журналісты АНТ не паказалі "двухпакаёўку" на вуліцы Голубева, у якой я жыву?", — пракаментаваў сюжэт палітык.
Ён прызнаў, што сапраўды мае "Лексус", які быў набыты, праўда, яшчэ да выбарчай кампаніі.